У Білорусі карають журналістів за ...спеку
У дакуменце сказана: “Як устаноўлена праверкай, Вы, ня маючы працоўных ці іншых дагаварных стасункаў са СМІ і не маючы акрэдытацыі пры МЗС у якасці карэспандэнта замежнага СМІ, ажыццяўлялі журналісцкую дзейнасць, што з’яўляецца парушэннем Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Пры канцы пракурор папярэджвае : “… у выпадку паўторнага парушэння заканадаўства аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі Вы будзеце прыцягнутыя да больш строгай адказнасці”.
Падставай дзеля вынясення папярэджання паслужыла заява галоўнага агранома калгаса “Урыцкае” Гомельскага раёна Віктара Лебяшкова. Апошні яшчэ 30 чэрвеня пакаментаваў Таццяне Бублікавай і “невядомаму маладому чалавеку з відэакамерай” як спёка ўплывае на расліны.
Пазней галоўны аграном даведаўся, што ягоны відэакаментар быў паказаны “на польскім спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” у праграме “Аб’ектыў”. У звязку з гэтым аграном і прасіў пракуратуру “правесці праверку законнасці дзейнасці Т. Бублікавай і невядомага маладога чалавека ад імя тэлеканала “Белсат”.
Тацяна Бублікава патлумачыла ў пракуратуры, што сапраўды сустракалася з аграномам Лебяшковым – гутарыла з ім пра засушлівае надвор’е ў межах супрацоўніцтва з прыватнай польскай фірмай «N.E.W. S. Informacije».
Паводле дамовы, спадарыня Бублікава мае на замову рыхтаваць відэаматэрыялы. На згаданую фірму не ўскладзены функцыі рэдакцыі СМІ.
“У пракуратуры, – апавяла Тацяна Бублікава Службе маніторынгу БАЖ , – я доўга не магла зразумець, у чым сутнасць парушэння закона “Аб СМІ”. Мне разы тры тлумачылі, што журналіст мусіць мець дамову са СМІ ці акрэдытацыю, а інакш, паводле закону, нельга. А тое, што мая фірма – не рэдакцыя, маўляў, не мае значэння. Галоўнае, што мая дзейнасць – гэта журналістыка, але такая, якая не прадугледжана законам”.
Намеснік старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец зазначае, што ад 8 лютага 2009 года, моманту ўступлення новага закона пра СМІ, органамі пракуратуры і КДБ вынесена каля двух дзесяткаў вусных і пісьмовых папярэджанняў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ.
“Прадстаўнікі беларускіх уладаў, – лічыць спадар Бастунец, – працягваюць дэманстраваць абмежавальны падыход да журналісцкай дзейнасці і свабоды выказвання наогул. Ён супярэчыць не толькі цывілізаваным нормам, але і міжнародным абавязкам Беларусі. Ратыфікаваўшы Міжнародны пакт пра грамадзянскія і палітычныя правы, наша дзяржава гарантавала свабоду „шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць ўсякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова альбо сродкамі друку… альбо іншымі спосабамі на свой выбар”. Заўважу, што нормы аб гэтым утрымліваюцца і ў законе „Аб аўтарскім праве і сумежных правах“, і „Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь“.
Намеснік старшыні ГА “БАЖ” раіць усім журналістам, што трапляюць у такую сытуацыю, абскарджваць падобныя папярэджаньні — аж да Камітэта ААН па правах чалавека.
Аляксей КЛІМОВІЧ.
Читайте також |
Коментарі (1) |
| |